Алесь Корнеў
Я - хлопчык вайны
Я – хлопчык вайны той страшэннай, далёкай…
Грымелі снарады, і бомбы, і міны…
Эх, сэрдца! Даволі ўжо! Сціхні, не ёкай!
Няўжо растрывожылі зноў успаміны?
Вайна наспявала, а дзе ж падрыхтоўка
Да добрай ці хоць бы якой абароны?
Была б для мужчын у запасе вінтоўка,
А к ёй і гранаты б яшчэ, і патроны!
Хто ў войска з іх трапіў, а хто ў партызаны,
А хто ў паліцаі ляцеў карамболем…
Астатнія людзі былі закілзаны
Чужым самавольствам, і страхам, і болем.
Зрабілася доля бязмерна гаротнай.
Бязлітасна грабіў фашыст азвярэлы.
Улада стаяла на кары смяротнай:
Пужалі і шыбеніцы, і растрэлы.
Я ўспомніў сястрычку сваю, незабудку.
Мароз быў на вокнах крыштальна-калючы.
Яна ж, наша крошка, не мела абутку.
На целе віселі старыя анучы.
А потым дзіцятка ў гарачцы гарэла,
Нібыта вугольчык ірдзеў на марозе…
Не чула яна гаргатання і стрэла,
I як яе бацька канаў на парозе…
А я тады выжыў, мо і выпадкова,
I радуюсь сёння ўнучкай-малечай…
У нас над дзвярыма красуе падкова,
Як сімвал надзеі жывой, чалавечай.